Museum history

    Сардэчна запрашаем у Музейны комплекс старажытных народных рамёстваў і тэхналогій. Вас чакае займальнае падарожжа ў свет старадаўняга народнага  побыту і прафесій, дэгустацыя самабытных страў і катанне на конях.

   Больш падрабязна аб паслугах і цэнах.

  

   З гісторыі гэтых мясцін

Музей “Дудуткі” знаходзіцца ў 40 кіламетрах ад г. Мінска, у Пухавіцкім раёне, размешчаны ў маляўнічым месцы на пабярэжжы ракі Пціч, недалёка ад вёскі Дудзічы.
  Дудуткі ўпершыню згадваюцца ў летапісах у XI ст. Мяркуецца, што ў гэтых месцах праходзіў сухапутны шлях да Полацка, па якім, на думку даследчыкаў і паводле “Слова пра паход Ігараў”, полацкі князь Усяслаў Чарадзей “воўкам скокнуў да Нямігі з Дудутак”, даведаўшыся пра асаду старажытнага Менска.

Маёнтак у Дудзічах вядомы з 1600 года як уласнасць Адахоўскіх.  У 1621 г. ён перайшоў ад Рафаіла Адахоўскага Янушу Быхаўцу, уладальніку шматлікіх угоддзяў у Мінскім, Гродзенскім і Віленскім ваяводствах. У другой чвэрці XVII ст. Дудзічы пад заклад адыходзяць Заранкам-Гарбоўскім. У 1767г. маёнтак  у якасці пасагу Аляксандры Заранка-Гарбоўскай атрымаў  Юзаф Прозар (1723-1788), ковенскі каштэлян, пазней віцебскі ваявода. У 1769 годзе Прозар пабудаваў у Дудзічах пасярод маляўнічага парку вялікі і прыгожы палац з дрэва, у якім была багатая бібліятэка, шмат карцін. У 1780г. узвёў уніяцкі храм, які праславіўся цудатворнай іконай Божай Маці, пры храме заснаваў двухкласную школу на 50 месцаў.

Дудзічы становяцца вядомым у мясцовым краі цэнтрам рамёстваў, гандлю і кірмашоў. Развіццю маёнтка садзейнічаў таксама прывілей на таргі па панядзелках і на тры кірмашы на год, які дараваў яшчэ ў 1766 г. кароль Станіслаў Панятоўскі. Насуперак каралеўскаму прывілею кірмашы праводзіліся кожны месяц у маладзік. Гандлявалі тут не традыцыйна хлебам і жывёлай, а больш за ўсё рознымі сельскагаспадарчымі прадуктамі, вырабамі рамёстваў і мясцовых промыслаў. На рацэ Пціч працаваў вялікі млын з жорнамі на муку і крупу.

У 1785г. маёнтак атрымала ў спадчыну дачка Прозара Ружа, стаўшы жонкай Станіслава Ельскага, палкоўніка лёгкай кавалерыі, фінансавага камісара дзяржаўнай казны ВКЛ, кавалера ордэна Св. Станіслава, маршалка Ігуменскага павета. Ад Станіслава Ельскага маёнтак перайшоў сыну Каралю, Ігуменскаму харунжаму. Караль скончыў Віленскі універсітэт, быў вучнем Андрэя Снядзецкага, стаў доктарам медыцыны.

Аб маёнтку гэтага часу сведчыць Інвентар за 1844 год. У маёнтку  Дудзічы налічвалася 818 прыгонных. Маёнтку належалі два фальваркі - Казловічы і Белькавічы, а таксама мястэчка Дудзічы і вёскі Дудзічы, Церабель, Распуцце, Белькавічы, Грэбень.

  Пасля смерці Караля ў 1855 годзе яго сын Міхаіл (1831-1904), як старэйшы па мужчынскай лініі, “па мячы”, атрымлівае па раздзельным запісе спадчынны маёнтак Дудзічы, а брат Аляксандр (1834-1916) -маёнтак Замосце, які знаходзіўся побоч з Дудзічамі. Адзіная дачка Міхаіла Ельскага Соф’я выйшла замуж за Януша Уняхоўскага. Уняхоўскія і сталі апошнімі ўладальнікамі Дудзічаў.

Ельскія валодалі Дудзічамі больш за 100 гадоў, іх дом стаў адным з цэнтраў культурнага жыцця на Беларусі.
  З Дудзіцкай сядзібай цесна звязана жыццё і творчасць роду Ельскіх. Любіў музыку і музыцыраваў Станіслаў. Ён добра ведаў вядомага музыку гетмана Міхала Казіміра Агінскага, якому належыўсуседні маёнтак Дукора. Гетман прысвяціў “G-dur паланез для скрыпкі і фартэпіяна” “паважанаму брату Станіславу Ельскаму і яго жонцы Ружы, народжанай Прозар”. Музычныя здольнасці бацькі перадаліся сыну Каралю, які атрымаў прафесійную падрыхтоўку ў вядомых музыкаў Кіферлінга і Дзяшчынскага і ператварыў Дудзічы ў “сядзібу муз”. Вядомым скрыпачом і кампазітарам быў і сын Караля - Міхаіл.
   Першая і другая сусветныя войны, Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917г. знішчылі спадчыну Ельскіх у Дудзічах. Іх нашчадкі пакінулі “радавое гняздо” і раз'ехалісяхто куды (Польшча, Украіна, Германія, Францыя, Расія). У 40-80-я гг. XX ст. ад маёнтка Ельскіх у Дудзічах засталіся толькі парк з рэшткамі вадзянога млына і сістэмай абводнай канавы.  Да пачатку 90-х гг. XX ст. нават старажылы вельмі цьмяна памяталі гісторыю гэтых месцаў.
  Не падазраваў аб нядаўняй гістарычнай вядомасці Дудзіч і новы гаспадар гэтых мясцін - старшыня ТПЦ “Паліфакт” Будзінас Я. Д., якому ў 1992 годзе было выдзелена ў гэтых месцах 162 гектары зямлі “для вядзення дапаможнай гаспадаркі”. За грошы, заробленыя ў горадзе, друкарня  “Паліфакт”  адсыпала грунтавыя дарогі, пабудавала высакавольтную лінію электраперадач, правяла тэлефон, узвяла свінарнік, кароўнік, закупіла жывёл, сельскагаспадарчую тэхніку і пачала гаспадарчую дзейнасць
  З кастрычніка 1994г. на базе дапаможнай гаспадаркі “Паліфакт” ствараецца і прымае сваіх першых гасцей музейны комплекс старадаўніх народных рамёстваў і тэхналогій “Дудуткі”. З 1998 г. музейны комплекс “Дудуткі” уваходзіць у склад холдынгу “Трастбанка”, паступова абнаўляючы і развіваючы сваю базу, што дазваляе нам папулярызаваць не толькі беларускія народныя рамёствы, але таксама жыццё шляхецкай сядзібы. Адпраўляючыся ў “Дудуткі”, Вы павінны быць падрыхтаваны да гістарычнай вандроўкі ... у нашы дні.

Атрымаць спраўку ці заказць экскурсію можна па кантактных тэлефонах з 10-00 да 17-00
+ 375 1713 3-07-47
тэл./факс
+ 375 29 602-52-50
+ 375 1713 2-11-77
тэл./факс
+ 375 29 603-52-50
Спампаваць рэквізіты info@dudutki.by

Запрашаем да нас пятніца - нядзеля

Пан- Чац.: выходныя
Пят-Няд: с 10:00 да 18:00 (уваход да 17:00).