Майстэрня ткацтва

   Вытокі рамяства
   Людзі асвоілі першыя элементы ткацтва яшчэ ў каменным стагоддзі (XIII-VII тыс. да н.э). Першымі ткацкімі вырабамі былі плеценыя з расліннага валакна адзенне, абутак, подсцілкі. Адной з першых раслін, якія выкарыстоўваліся для атрымання тканіны, была звычайная крапіва. Аднак тканіна з яе атрымлівалася вельмі грубай, таму з часам крапіву замяніў лён, воўна і бавоўна.

  У беларусаў ткацтва было хатнім заняткам жанчын, і толькі з развіццём таварнай вытворчасці яно стала доляй мужчын-рамеснікаў. Любая дзяўчына з малых гадоў умела ткаць паясы, ручнікі, абрусы, пакрывалы, фіранкі, палавікі і многае іншае. Дэкор, каляровае спалучэнне, арнаментальныя матывы кожнай рэчы неслі даволі глыбокі сакральны сэнс і часта выконвалі не проста дэкаратыўную функцыю, але былі праявай забытых альбо завуаліраваных абрадаў і рытуалаў.


   Прыстасаванні для ткацтва

  Першыя ткацкія станкі (VI-V тыс. да н. э.) мелі вертыкальна размешчаную аснову, якая падвязвалася да гарызантальных галінак дрэў. Унізе ніткі прымацоўваліся да ствалоў паваленых дрэў або заціскаліся камянямі. Ткач трымаў у руках вялікі човен з ніткай і пераплятаў аснову. Працаваць на такім ткацкім станку было цяжка, бо ніткі трэба было паслядоўна перабіраць рукамі, яны часта рваліся, тканіна атрымлівалася тоўстай.

   Найбольш раннія звесткі аб ткацкім станку гарызантальнага тыпу, які з нязначнымі зменамі дайшоў да нашых дзён, адносяцца да II тысячагоддзя да н. э. Аснову замацоўвалі на двух паралельных брусках, устаноўленых невысока над зямлёй, ніткі ўтока перакідалі з дапамогай чаўнака і прыбівалі бердам.


tk1.jpg

   Падрыхтоўка матэрыялу

   Асноўнай сыравінай для вырабу тканін у хатніх умовах у беларусаў быў лён. У канцы лета яго выдзіралі з зямлі з каранямі і рассцілалі на зямлі “мокнуць”. Па сканчэнні аднаго-паўтара месяца сцеблі збіралі, аббівалі галоўкі з насеннем пры дапамозе валька (“пранiка”, “пральнiка”), высушвалі і мялі пры дапамозе мялкі (“мялiцы”, “цернiцы”). Для ачышчэння валакна ад дробных кавалачкаў кастрыцы выкарыстоўвалі падобнае на меч або рыдлёўку драўлянае трапала (“трапло”, “трапушку”).
   Пасля трапаны лён часалі пры дапамозе металічнага або драўлянага грэбня або шчоткі, зробленай з шчаціння дзіка. Атрыманае пасля часання чыстае валакно – кужаль спляталі ў косы і ў такім выглядзе захоўвалі да прадзення.
   Прыладай прадзення служыў калаўрот (“праснiца”), верацяно і самапралка (“калаўрот”). Для лепшага скручвання нітак пралля змочвала валакно сліной, таму пража станавілася вільготнай і патрабавала прасушкі, для чаго выкарыстоўвалі матавіла (“вiтушка”). Толькі пасля гэтага прыступалі да працаёмкага працэсу ткацтва.


 Працэс ткацтва

   Стварэнне тканіны на “кроснах” (ручным гарызантальным ткацкім станку) - гэта перапляценне бескаляровых падоўжаных нітак асновы і каляровых папярочных “уточных” нітак. Падчас найбольш працаёмкай аперацыі - запраўкі станка, кожная з нітак асновы прапускаецца праз вузельчыкі аднаго з “нітоў” - сетачных рамак, прызначаных для прыпадымання альбо апускання нітак асновы.  Размеркаванне нітак па нітах вызначае малюнак будучай тканіны. Запраўка кроснаў выконваецца ўдваіх і патрабуе высокага майстэрства.
   Уласна ткаць або, як казалі даўней, “затыкаць кросны” намнога прасцей. Ткачыха нагой націскае на педалі (“панажы”). Пры гэтым адна частка нітоў апускаецца, іншая падымаецца, а ў утвораны паміж ніткамі асновы зеў пракідваюць чаўнок з уточнай ніткай.

tk2.jpg  

Беларускі ручнік

   Багата ўпрыгожаны ручнік служыў не толькі для бытавых патрэб чалавека, але і з'яўляўся абавязковым атрыбутам у розных абрадах, з ім звязана мноства прыкмет, якія бяруць пачатак яшчэ з дахрысціянскіх часоў.
   Ручнік суправаджаў чалавека ад нараджэння і да смерці. “Баба” прымала немаўля, абгарнуўшы рукі кавалкам новага палатна, каб “не жыў з голымі рукамі”. На хрэсьбіны дарылі ручнік кума і “бабкі”. У знак жалобы на сорак дзён вывешвалі на акно ручнік з вузкімі палосамі ўзору - аблямоўцы. Яго павязвалі на шыю памерлага, пакрывалі труну, і на ручніках жа апускалі яго ў магілу. На працягу сарака дзён ручнік лічыўся месцам захоўвання  душы памерлага, своеасаблівым акном паміж светам жывых і светам памерлых. Падчас бедстваў, засухі, эпідэмій ткалі ўсім мястэчкам асаблівы ільняны ручнік "абыдзеннік".
   Самымі прыбранымі, шчодра ўпрыгожанымі, яркімі былі вясельныя ручнікі. Вышыўка на тканіне, па павер'ях, павінна была засцерагаць маладых ад дрэннага лёсу. Ручнікамі ўпрыгожвалі вясельны цягнік - коней, збрую, вопратку гасцей. На ручніку стаялі жаніх і нявеста падчас вянчання ў царкве.

Атрымаць спраўку ці заказць экскурсію можна па кантактных тэлефонах з 10-00 да 17-00
+ 375 1713 3-07-47
тэл./факс
+ 375 29 602-52-50
+ 375 1713 2-11-77
тэл./факс
+ 375 29 603-52-50
Спампаваць рэквізіты info@dudutki.by

Запрашаем да нас
з аўторка па нядзелю
Панядзелак выхадны
Аўт-Сер: с 10:00 до 17:00 (уваход да 16:00)
Чац-Няд: с 10:00 до 18:00 (уваход да 17:00)
Уваход у музей з собакамі забаронены