Майстэрня дрэваапрацоўкі

  Вытокі рамяства

   Мастацтва апрацоўкі дрэва прыйшло да нас з глыбокай даўніны. Ужо пячорныя людзі шмат тысяч гадоў таму валодалі першаснымі навыкамі дрэваапрацоўкі. Прыладамі служылі ракавіны, зубы жывёл, косткі і камяні. Радзімай развітога дрэваапрацоўчага рамяства называюць Старажытны Егіпет, дзе склаліся ключавыя тэхналогіі апрацоўкі драўніны, былі створаны асноўныя прылады, віды мэблі і хатняй маёмасці. З часам з простага рамяства дрэваапрацоўка ператварылася ў сапраўднае мастацтва.

   Апрацоўка дрэва ў Беларусі

   Апрацоўка дрэва займала важнае месца сярод рамесных заняткаў беларусаў. Ужо да ХІ-ХІІІ стагоддзяў беларусы валодалі ўсімі спосабамі апрацоўкі дрэва - разьбой, сталярным і бандарным рамяством, ведалі такарны станок.
   З драўніны будавалі не толькі гаспадарчыя пабудовы і жылыя будынкі, але і культавыя збудаванні (капліцы, храмы), гарадскія сцены, вароты і фартыфікацыйныя збудаванні. У кожным доме былі прадметы хатняга ўжытку і прылады працы, вырабленыя з драўніны - лодкі, сані, калёсы, павозкі і карэты; верацёны, калаўроты, матавілы; разнастайныя віды посуду; сталы, лаўкі і іншыя віды мэблі.
   Даследчыкі мяркуюць, што ў X-XII стагоддзях у беларускіх гарадах драўляныя прадметы бытавога прызначэння выраблялі не рамеснікі, а самі мясцовыя жыхары, якія з дзяцінства валодалі неабходнымі навыкамі.
   Часцей за ўсё ў радавой гаспадарцы не было спецыяльнай майстэрні для працы з дрэвам. Месцам для занятку дрэваапрацоўкай часцей за ўсё служылі сені, дзе ля супрацьлеглай ад уваходу ў хату сцяны стаяў варштат.

   На варштаце, або на паліцы, ці ў адмысловых завесах, замацаваных у сцяне, былі расстаўлены альбо развешаны разнастайныя прылады - рубанкі, вугольнікі, рэйсмусы і многае іншае.

wood.jpg

Дрэваапрацоўчыя рамёствы

   Цяслярства - узвядзенне капітальных пабудоў на аснове бярвеністага зруба - было паўсюдным заняткам. Практычна кожны дарослы мужчына мог сам пабудаваць (або, па-старадаўняму, “зрубіць”) хату і гаспадарчыя пабудовы. У гэтай цяжкай працы яму дапамагалі сваякі і аднавяскоўцы.      Прафесійныя цесляры часцяком сыходзілі на заробкі або, як казалі, “у адходнікі”. Арцелі прафесійных цесляроў, акрамя жылых пабудоў, узводзілі масты і плаціны, млыны, будавалі драўляныя цэрквы.
Звычайна ў вёсках вопытны цясляр быў адначасова і сталяром. Сталяр майстраваў разнастайную мэблю, прадметы хатняга ўжытку, сельскагаспадарчы інвентар, асобныя дробныя элементы жылля і гаспадарчых пабудоў - дзверы, вокны, лесвіцы і г.д.

   Стэльмах займаўся вырабам гужавых транспартных сродкаў розных відаў - вазоў, брычак, двуколак, шарабанаў, саней  - а таксама самых галоўных іх элементаў - колаў і палазоў. Вазы і сані рабілі ў кожнай вёсцы, а выраб колаў, які патрабуе спецыяльных навыкаў, прыстасаванняў і вопыту, часцей за ўсё ажыццяўляўся спецыяльнымі майстрамі-калёснікамі.
   Бондар вырабляў бочкі і посуд з “клёпкі” - вузкіх, доўгіх, старанна выгаблеваных дошчачак складанай формы. Вядро, маслабойку, кадку, балею, дзяжу - усё гэта заказваў гаспадар бондару.
   Токар вырабляў дакладны посуд, калаўроты-тачонкі, верацёны, дэталі мэблі, цацкі і г. д.. Такарны станок быў вядомы ў Беларусі з ХІ стагоддзя.
   Дзяўбленне. Вытанчаным прадметам папярэднічалі вырабы , выдзеўбленныя  з цэльнага кавалка дрэва. Такім спосабам вырабляліся лыжкі, талеркі, міскі, чашы, каўшы, пляшкі (“біклагі”), кубкі, пчаліныя вуллі і нават мэбля.

   Разьба па дрэве
   Разьба - самы старажытны спосаб упрыгожвання вырабаў з драўніны. Разьбой упрыгожвалі драўляныя хаты, мэблю і посуд, ткацкія станкі і калаўроты. У даўніну любы арнамент з'яўляўся не столькі дэкаратыўным элементам, колькі ўвасабляў у сабе цэлую сістэму знакаў і своеасаблівых кодаў. Так, аднымі з самых распаўсюджаных былі так званыя салярныя знакі або сімвалы Сонца. Сонца ўвасабляла пачатак жыцця і чысціню чалавечых намераў. Вядомыя і іншыя знакі. Так, дрэва з'яўляецца сімвалам жыцця роду: карані дрэва - продкі, ствол - тыя, што жывуць, крона - будучыя пакаленні

. Выява каня прыносіць шчасце, урадлівасць. Гусь, лебедзь і вутка з'яўляюцца сімвалам добрага пачатку. Певень, паўлін, курыца ахоўваюць ад ліхіх вачэй.

Атрымаць спраўку ці заказць экскурсію можна па кантактных тэлефонах з 10-00 да 17-00
+ 375 1713 3-07-47
тэл./факс
+ 375 29 602-52-50
+ 375 1713 2-11-77
тэл./факс
+ 375 29 603-52-50
Спампаваць рэквізіты info@dudutki.by

Запрашаем да нас
з аўторка па нядзелю
Панядзелак выхадны
Аўт-Сер: с 10:00 до 17:00 (уваход да 16:00)
Чац-Няд: с 10:00 до 18:00 (уваход да 17:00)
Уваход у музей з собакамі забаронены