Майстэрня саломапляцення

  Вытокі рамяства

   Саломапляценне - адно з самых старажытных рамёстваў. На чарапках старажытнаегіпецкага глінянага посуду даследчыкі знаходзяць адбіткі плеценых саламяных вырабаў.

   У Беларусі пляценнем з саломкі займаліся здаўна. Саломай пакрывалі дахі жылля, яна ішла на подсціл і корм скаціне, абувала і апранала чалавека, служыла ложкам, а ў неўраджайныя гады яе падмешвалі ў хлеб. З яе выраблялі хатняе рэчы, галаўныя ўборы, цацкі і ўпрыгожванні.

   Саломапляценне ў абрадах беларусаў


   Розныя фігуры з саломкі - гэта не проста цацкі, гэта сімвалы бажаства, абярэгі. Конь - герой многіх павер'яў і казак - заўсёды суправаджаў мужчыну і быў яму і дарадцам, і абаронцам; каза - сімвал ураджаю і пладавітасці; лялька - Маці-прамаці, абаронца жанчын; птушкі - душы продкаў, якія ахоўваюць і дапамагаюць тым, што жывуць на Зямлі.
   Самай старажытнай і распаўсюджанай традыцыяй было захаванне і ўпрыгожванне першага “зажыначнага” і апошняга “дажыначнага” снапоў. У большасці сусветных культур вера ў Духа ўраджаю, які жыве ў збожжы, і чый дом чалавек разбурае пасля таго, як збірае ўраджай, была вельмі моцная. Вядомае ў многіх краінах свету пляценне ў выглядзе кветак, вянкоў было заклікана служыць часовым прытулкам страціўшаму свой дом Духу поля. У Беларусі гэтую функцыю выконвала “барада” або “божая барада” - аздобленыя няжатыя каласкі, якія абавязкова пакідалі на полі.

   Падрыхтоўка матэрыялу

   Для пляцення выкарыстоўваюць пераважна жытнюю салому, бо сярод злакавых раслін сцябло жыта мае найбольшую даўжыню і адрозніваецца трываласцю. Пшанічная саломка таксама прыдатная для пляцення, але яна карацейшая, грубейшая і таўсцейшая за жытнюю. Для пляцення невялікіх дэталяў і дэкаратыўнай апрацоўкі вырабаў выкарыстоўваюць аўсяную салому, якая мае прыгожае жоўтае адценне, але недастаткова доўгае сцябло.

   Для пляцення лепш за ўсё падыходзіць салома, нарыхтаваная ўручную, прычым нарыхтоўваць яе трэба ў розныя тэрміны - тады яна будзе розных адценняў: ад зялёнага да ярка-жоўтага. Салому прасушваюць, чысцяць і вымочваюць у гарачай вадзе. Пасля гэтага яна становіцца гнуткай і эластычнай. У народным мастацтве часта выкарыстоўвалі афарбаваную натуральнымі фарбавальнікамі  саломку: яе кіпяцілі ў вадзе з даданнем шалупіння з цыбулі для ўзмацнення жоўтага колеру, шышак алешыны або дубовай кары - для надання карычневага адцення.

   Віды пляцення
   Адрозніваюць чатыры асноўных спосабы пляцення: спіральныя, прамыя, плоскія і аб'ёмныя пляцёнкі.
   Самым распаўсюджаным было спіральнае пляценне. Гэтым спосабам выраблялі кашы, ёмістасці для захоўвання прадуктаў, адзення, збожжа і мукі, а таксама вуллі і мэблю.
   Прамое пляценне і плоскія пляцёнкі выкарыстоўвалі як нарыхтоўкі для саламяных капелюшоў (брылёў), кошыкаў, карабоў, скрыначак.
   Аб'ёмнымі пляцёнкамі выпляталі пераважна дэкаратыўныя прадметы. У канцы XVIII - пачатку XIX стст. гэты від пляцення выкарыстоўвалі ў стварэнні царкоўных інтэр'ераў. Вырабленыя са звычайнага шырокадаступнага матэрыялу, саламяныя Царскія вароты ў сціплым інтэр'еры сельскіх забытых цэрквачак выглядалі не горш за пазалочаныя. Царскія вароты, а таксама плеценыя іканастасныя ўстаўкі, адноўленыя даследнікамі па захаваных узорах XVIII стагоддзя і выкананыя майстрам Верай Яўгенаўнай Салдатавай, знаходзяцца ў Музейным храме ў гонар Св. Прарока Іаана Хрысціцеля.

   Інкрустацыя саломкай
   Самыя раннія ўзоры вырабаў, інкруставаных саломкай, адносяцца да XVIII стагоддзя. Саломай упрыгожвалі шкатулкі, табакеркі, велікодныя яйкі.

   Для інкрустацыі майстры часцей за ўсё выкарыстоўваюць жытнюю саломку. Яе наразаюць квадрацікамі, ромбікамі або палоскамі, а затым наляпляюць на паверхню. Для павелічэння кантрасту паміж узорам з саломкі і цёмным фонам упрыгожаную паверхню пакрываюць лакам.

Саламяны “Павук                                                                          

Самымі загадкавымі вырабамі з саломы з'яўляюцца падвясныя саламяныя канструкцыі - "павукі", якія вырабляліся да дня зімовага сонцастаяння. Павук з павуціннем у светапоглядзе нашых продкаў сімвалізаваў Стваральніка і яго тварэнне - Сусвет. Мабыць, стваральная энергія павука павінна была перанесціся на будучы ўраджай: невыпадкова каласкі для такой падвескі выбіраліся з лепшай часткі зжатых каласоў. Самая распаўсюджаная форма “павукоў” - пірамідальная. Кажуць, пад шатамі саламяных пірамідак можна адчуць незвычайнае супакаенне. “Павукі” у форме шара сімвалізавалі сонца, разнастайна аздабляліся ўпрыгожваннямі з саломкі, паперы, насення, пёраў. “Павука” вывешвалі на самым ганаровым месцы дома - чырвоным куце, над сталом. Ён павольна круціўся ў струменях цёплага паветра, узыходзячага ад ежы, і адкідаў цені. “Павукам”  прыпісвалася здольнасць збіраць у сабе негатыўную энергію. У дзень вясновага раўнадзенства “павука”, які праслужыў усю зіму, абавязкова спальвалі.

solom.jpg


Атрымаць спраўку ці заказць экскурсію можна па кантактных тэлефонах з 10-00 да 17-00
+ 375 1713 3-07-47
тэл./факс
+ 375 29 602-52-50
+ 375 1713 2-11-77
тэл./факс
+ 375 29 603-52-50
Спампаваць рэквізіты info@dudutki.by

Запрашаем да нас
з аўторка па нядзелю
Панядзелак выхадны
Аўт-Сер: с 10:00 до 17:00 (уваход да 16:00)
Чац-Няд: с 10:00 до 18:00 (уваход да 17:00)
Уваход у музей з собакамі забаронены